Краіна масаў

Ёсць такая краіна, схаваная ад усяго свету белай магіяй. Узімку магія сыплецца пухкімі белымі сняжынкамі з неба. Увесну яна распускаецца белай квеценню на дрэвах. Летам яе здзьмувае з дрэваў вецер, кружыць, разносіць над хацінамі і белым пухам сцелець на зямлю. Па восені яна туманам падымаецца ад зямлі і струмяніцца паміж кустамі і дрэвамі, а пасля даплывае да неба і па зіме ізноў рассыпаецца пухкімі сняжынкамі.
Жывуць у той краіне масы — гаспадары ды чарадзеі. Будуюць хацінкі, нажываюць багацце, а паміж тым робяць дзіўныя дзівы. Хто ў чарапаха ператворыцца, хто ў ільва, хто пабяжыць навыперадкі з ветрам, хто паднімецца да аблокаў ды страсяне пыл з маланак.
Падобныя масы да святочных баравікоў. Чаму да баравікоў? Таму што галовы ў іх вялізныя, а цельцы малыя, пакрытыя кароткай светлай поўсцю. А святочныя, бо масы – яшчэ тыя аматары прыгажосці.
Узяць хаця б маму Зорачку. Укладае даўгія косы вакол галавы. Валасы яе, калі прыгледзецца, выпраменьваюць блакітна-белае святло, бы зоры. Таму яе і празвалі: мама Зорачка.
У маленькай Зай, махулькі, у два гады ва ўсю растуць кудзеркі, светлыя, як сонца. Кудзеркі падскокваюць то ўверх, то ўніз, то ўлева, то ўправа, бо махулька пастаянна круціць галавой. Свет жа вакол такі цікавы! І махулька глядзіць на яго гарэзлівымі- гарэзлівымі вачыма, якія толькі і вышукваюць, што б такога нагарэзнічаць.
Вось пра маму Зорачку і пра маленькую Зай я вам і раскажу.