Што такое інтэрнэт-кніга?

Інтэрнэт-кніга масаў — гэта кніга ў мабільніку, якую заўсёды можна ўзяць з сабой. На сайце можна знайці казкі пра масаў, скарочаныя версіі (раздзел “Казкі”). Чаму скарочаныя? Па-першае, спецыяльна адаптаваныя для мабільных прыладаў. Па-другое, гісторыі такія, як бы іх распавядала мама дзіцёнку. Па-трэцяе, не губляю спадзеву аднойчы ўбачыць вялізную кнігу казак пра масаў у поўных версіях, з усімі малюнкамі ды ў друкаваным выглядзе. А пакуль раблю тое, што магу ўласнымі сіламі. Усе гісторыі маюць шмат малюнкаў. Іх я рабіла сама як скетчавыя акварэлі. Называю іх менавіта “малюнкамі”, а не “ілюстрацыямі”, таму што яны падобныя да таго, як мама апавядае казкі дзіцёнку і між справай хуценька замалёўвае, што ж там у казках адбываецца, каб лепш перадаць дзіцёнку змест. Зрэшты, так яно і было. І вось у гэтых хуткіх малюнках, мяркую, найлепшым чынам перадаецца ідэя таго, як мамы баяць казкі сваім махулікам. Таксама сайт захоўвае шмат дадатковых матэрыялаў: - Агульная інфармацыя (раздзел “Краіна масаў”, у тым ліку тут знаходзіцца мапа падарожжаў і генеалагічнае дрэва масаў). - Гісторыя стварэння кнігі (раздзел “Як ставаралася гісторыя”), бо перад тым, як дайсці да чытача, кніга пераадолела вялізны-вялізны шлях. І ён не менш цікавы за самі казкі. - Смачныя рэцэпты з малюнкамі (раздзел “Кулінарная кніга масаў”). Можна самім прыгатаваць стравы з кнігі. Маюцца і старадаўнія сямейныя рэцэпты. - Крыху бацькоўскага і дзіцячага гумару (раздзел “Размовы з махулікам”). Усе раздзелы будуць і будуць папаўняцца. І маленькая тэхнічная рэмарка: Казкі аформленыя ў выглядзе галерэі. Малюнкі можна гартаць адпаведным чынам. Калі трэба, каб тэкст падняўся ці знік, дастаткова дакрануцца да экрана. Жадаю кожнаму вялізнаму і маленькаму чытачу захапляльнага падарожжа па свеце масаў! #мамапобач