Як ствараўся персанаж

Ад пачатку я ведала, што масы — гэта такое чалавекападобнае племя, якое валодае “дарамі” — то бок пэўнымі незвычайнымі сіламі. Я бачыла іх акруглымі, невялічкімі, пакрытымі кароткай светлай поўсцю. І дакладна я разумела, што яны “няшныя”. Іншая справа — дэталі. І тады я вырашыла запытацца ў галоўнага чытача — у маёй дачкі. Няхай яна сама мне пакажа, што з маіх прапаноў ёй спадабалася. Так падумала я і накрэмзала па хуткаму абрысы.
— Які падабаецца? — запыталася ў дачкі (ёй тады было недзе год з паловай). Яна паглядзела-паглядзела, пакрыхцела, пахістала галавой. — Што, не падабаецца? — Не. Дзеці — не дарослыя. Тыя яшчэ крытыканы. Шкадаваць пачуцці “творчага чалавека” не будуць. — А што не падабаецца? Пакажы. І дачка паказала на вочы. Пасля на ручкі. На вушы... “Ну, добра”, — падумала я. І пачала падсоўваць малой то малюнак мішкі, то малюнак зайчыка, паказвала малюнкі з дзіцячых часопісаў, малюнкі з рэклам, калі мы хадзілі на шпацыры па горадзе, паказвала малюнкі вочак і ручак з сеціва. Пасля мы малявалі розныя варыянты пысак на паперы і на дошцы для крэйды. Нарэшце, я ўцяміла, што дзіцёнку агулам не падабаюцца накіды. Добра, зрабіла акварэльныя малюнкі. Так, як бы я хацела бачыць маса. У колерах, аб’ёме, больш-менш адэкватных прапорцыях. А галоўнае — з прыгожымі вялізнымі вачыма.
— Глядзі, гэта мас! А-цю-цю! Малая закрыхцела, насупілася. — Не падабаецца? — Не. Асабліва, шэры. А яшчэ дачцэ катэгарычна не спадабаліся вялізныя вочы. Пачалі разбірацца. У выніку прыйшлі да таго, што вочы павінны быць сярэдніх памераў. Вушы таксама не трэба рабіць празмерна вялізнымі, буйнымі — так, але не занадта. Карацей, вырашыла я адпусціць уяўленне і намаляваць столькі варыянтаў, колькі здолею прыдумаць.
Гэтая порцыя махульку ўжо зацікавіла. Ёсць, з чаго выбіраць. У выніку ёй больш за ўсё спадабаліся масы, у якіх вочы сярэдніх памераў, а яшчэ тыя, у якіх форма пысы падобная да… малпы.
Але і менш гратэскны варыянт тоўсценькага маса ёй спадабаўся.
Яго і ўзялі за аснову. Бліжэй да абароны тэкстаў на Школе пісьменніка, я зрабіла прэзэнтацыю. І намалявала ўсіх персанажаў з гісторыі. Мая маленькая крытыканішча працу ўхваліла. Агулам. Але засталіся прэтэнзіі да лапак-ручак. Маўляў, ну што гэта такое?
Давялося перамалёўваць, рабіць лапкі-ручкі больш дэталёвымі. Хаця, па праўдзе, менавіта лапкі-ручкі дапамагалі перадаваць характар сцэн. Так што ў выніку атрымаліся масы вось такімі:
Да Ката прэтэнзій не было:)